СЕ́РЫ ХЛАРЫ́ДЫ,

неарганічныя бінарныя злучэнні серы з хлорам. Практычна найб. важны — дытыядыхларыд S2Cl2, ці серы хларыд.

Серы хларыд — масляністая вадкасць з непрыемным пахам; чысты S2Cl2 — бясколерны, тэхн. — зеленавата-жоўты, tпл -80 °C, tкіп 137 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1678 кг/м³. Раствараецца ў этаноле, бензоле, дыэтылавым эфіры. Вадой гідралізуецца (раскладаецца). Пры хлараванні S2Cl2 атрымліваюць серы дыхларыд SCl2 — чырвоная вадкасць, шчыльн. 1621 кг/м³ (15 °C). Выкарыстоўваюць S2Cl2 для халоднай вулканізацыі каўчуку, сінтэзу хларыдаў, у вытв-сці інсектыцыдаў; SCl2 для атрымання тэтрафтарыду серы (гл. Серы фтарыды). С.х. таксічныя, пашкоджваюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі; ГДК у атм. паветры для S2Cl2 0,3 мг/м³.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)